belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Кангрэс Еўразялёных

7-9-га  лістапада ў Стамбуле адбыўся Кангрэс Еўрапейскай Зялёная Партыі (EGP), у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай Партыі Зялёных (БПЗ).

Галоўным пунктам павесткі дня збораў у Стамбулу сталі выбары новага генеральнага сакратара Еўразялёных.  Новым генсекам EGP стала каталонскі эколаг Мар Гарсія Санц (Mar Garcia Sanz), якая раней працавала ў мэрыі Барселоны.

Удзельнікі  Кангрэсу таксама разглядзелі шэраг пытанняў у тым ліку сітуацыю ва Украіне і дзейнасць праграмы Усходняе партнёрства.

Падчас Кангрэсу актывісты БПЗ распаўсюдзілі сярод удзельнікаў дакумент у якім заклікалі Еўразялёных падчас афіцыйных кантактаў іх краін або еўраструктур з урадам РБ абавязкова патрабаваць прыпынку будаўніцтва БелАЭС.

Зялёныя адзначаюць: “ Мы хочам звярнуць увагу Еўрапейскага саюза на тое, што ў святле нестабільнай сітуацыі ў рэгіёне пытанне аб спыненні будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі становіцца яшчэ больш актуальным, чым раней.

Калі станцыя будзе пабудавана, яна нашмат  ўзмоцніць эканамічную і палітычную залежнасць Беларусі ад Расіі, паколькі фінансаванне ажыццяўляецца са сродкаў расійскага крэдыту, які давядзецца аддаваць на працягу многіх гадоў. Акрамя таго, пастаўкі паліва, абсталявання, пытанне адыходаў таксама будзе вырашацца выключна праз супрацоўніцтва з "Расатамам". БелАЭС можа стаць магутным інструментам палітычнага ціску не толькі на беларускія ўлады, але і на краіны Еўрапейскага саюза.

У сучаснай геапалітычнай сітуацыі, калі аб'екты ядзернай індустрыі становяцца крыніцамі дадатковай рызыкі, мішэнню для тэрарыстычных і ваенных нападаў, з'яўленне новай, цалкам падкантрольнай Расіі атамнай станцыі ў гэтым рэгіёне проста недапушчальна”.

“Мы лічым, што краіны Еўрасаюза павінны заняць прынцыповую пазіцыю па будаўніцтве Беларускай АЭС - яе будаўніцтва трэба неадкладна спыніць!”, - гаворыцца ў дакуменце.